Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

Навіны з жыцця адзінак. Выпуск 1

Надыход восені для большасці скаўтак і скаўтаў, а таксама іх бацькоў звязаны не толькі з пачаткам новага навучальнага года. Восень для нас – гэта пачатак прыгоды. Спадзяемся, што гэты новы этап скаўцкай прыгоды будзе плённым для кожнага з нас.

Скаўты звяза святога Дамініка Савіо (г. Гродна) ў гэтым годзе вырашылі грунтоўна падрыхтавацца да свята Божага Нараджэння. Таму падрыхтоўку да свята яны распачалі ўжо цяпер. На адной з сустрэч звяза скаўты, а таксама іх госці вучыліся майстраваць калядныя вянкі з прыродных матэрыялаў, такімі вянкамі падчас зімовых святаў упрыгожваюць кватэры і дамы. Іна Крупенка – таленавітая мастачка і скаўтка Пагоні – з вялікай радасцю падзялілася сваім майстэрствам.

Шэфы і правадніцы з Гомеля шукаюць прыгоды пазнаючы Радзіму і людзей. Падчас кастрычніцкага вікендавага выезду яны наведалі Петрыкаў і вёску Брынёў, што месціцца недалёка ад яго. Дзяўчаты дапамаглі парафіянам прыбраць святыню. Мясцовыя жыхары па-сапраўднаму ўразілі сваёй гасціннасцю: яны частавалі смачнымі яблыкамі і нават правезлі па восеньскаму лесу на сапраўдным "кабрыялеце". Прырода таксама гасцінна прыняла вандроўніц: у лесе яны назбіралі шмат грыбоў.

Гэтая супольная вандроўка ў адзінстве з прыродай і Богам вельмі дапамагла адпачыць і аднавіць сілы.

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian