Вялікая прыгода гродзенскіх скаўтак звяза Святой Агнешкі ў Брусэле

З 18 па 20 лістапада ФЕС перажыла вялікую прыгоду. Хлопцы і дзяўчаты з усёй Еўропы сустрэліся ў Брусэлі. Яны атрымалі шмат уражанняў і ведаў, якімі, напэўна, падзяліліся са сваімі коп’ямі. Для кап’явых гэты з’езд быў не проста прыгодай, яны атрымалі адказы на шматлікія пытанні, якія іх цікавілі, пазнаёміліся са скаўтамі з іншых куткоў свету, а таксама адкрылі для сябе шмат новых рэчаў.

“Калі я вырашыла паехаць у Брусэль, чакала чагосьці асаблівага. Мой погляд на некаторыя рэчы змяніўся пасля знаёмства з тымі людзьмі, жыццё якіх змяніў менавіта скаўтынг. Мне захацелася падзяліцца ўсімі эмоцыямі, якія я перажыла, са сваімі сяброўкамі кап’явымі. Асабліва мне спадабаліся шыхтаванне і вогнішча. Усё распачалося ў суботу 19 лістапада. Спачатку было шыхтаванне, якое стала асновай нашага уік-энду. Мы спявалі на розных мовах. Увесь гэты час адчувалася прысутнасць Святога Духа. Пасля шыхтавання мы пайшлі на экскурсію ў Парламент, дзе пазнаёміліся з гістарычнымі фактамі мінулага і сучаснага жыцця. Пасля наведвання Парламента адбылася гульня, пад час якой мы бегалі па горадзе і шукалі розныя рэчы ў апаведнасці з заданнямі. Потым мы прымалі ўдзел у Святой Імшы, якая адбывалася на трох мовах: нямецкай, ангельскай і лацінскай.

Глыбокім вечарам, амаль ноччу, мы сабраліся разам падчас вогнішча. Нас чакала добрая размінка: танцы, гульні, спевы. Усе падтрымлівалі адзін аднаго. Менавіта таму вельмі адчувалася адзінства такіх розных людзей.

Хацелася б ад усяго сэрца падзякаваць усім, хто прыняў удзел у арганізацыі гэтага цудоўнага часу: нашым новым сябрам з Брусэля, людзям, якія нас падтрымлівалі падчас прыгоды.

Брусэль – горад, якім можна любавацца гадзінамі. Маю надзею, што гэта быў не апошні раз, калі мы там сустрэліся. Я вельмі задаволена тым, што мне давялося пазнаць новых людзей і нанова адкрыць Бога.”

Сваімі ўражаннямі з вамі падзялілася Рэната Мілашэўская, кап’явая кап’я “Лясная кошка”