Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

Піжамная Вечарынка ў Гомелі

19-20 лістапада на “базе адпачынку” Дом Міласэрнасці сясцёр Маці Тэрэзы адбылася Піжамная Вечарынка (17+), у якой удзельнічалі 7 дзяўчат з вогнiшча маладых правадніц і 1 хлопец, такі залацісты з доўгай поўсцю :)

Усё пачалося з Iмшы, якую праводзіў ксёндз Юзаф са Жлобіна. Пазней ён распавёў нам вельмі цікавую канферэнцыю пра святасць (адразу ўспамінаецца песенка: "І вялікі, і маленькі можа быць святым,  такі тоўсты, такі тонкі можа быць святым ).

Як вядома, скаўты - лепшыя кухары, бо толькі мы змаглі прыгатаваць піцу так, што ад шчасця яна не змагла адліпнуць ад пякарскай паперы.

І тут самае цікавае... Падняўшыся на 2 паверх і ўсталяваўшы праектар для прагляду фільма - мы спахапіліся, што забылі нешта важнае! А менавіта - чыпсы і марожанае! Пакуль некалькі дзяўчынак бегалі ў краму за некарыснай ежай, астатнія куталіся ў спальнікі. І вось доўгачаканы момант - першыя кадры фільма "Сястрычка, дзейнічай!". Гэты фільм прымусіў нас смяяцца, акунаючыся ў такое цікавае и разнастайнае манаскае жыццё.

Пасля фільма на нас раптам нахлынулі незвычайныя фантазіі, успаміны пра мінулае і няшчаснае каханне, страшэнныя гісторыі пра прывідаў, духаў і ведзьмаў (усе тыя думкі, якія прыходзяць пасля паўночы). Такім чынам, свае праніклівыя гісторыі мы скончылі а 4 гадзіне раніцы! Паглядзеўшы на гадзіннік, мы вырашылі паснедаць - выпіць гарбаты з прысмакамі! (так-так, скаўткі снедаюць вельмі рана). Канешне, пасля такога ўставаць у нядзелю ў Касцёл а 7 раніцы было цяжкавата (галоўнае, даскакаць у спальніку да ўмывальніка і не зачапіцца спрасонку за дзверы ).

Разыходзячыся па дамах, мы адчувалі сябе людзьмі, якія пабывалі на тыднёвым курорце на Алясцы. Чаму на Алясцы? Думаю таму, што там вечная мерзлата , і людзі, замест прагулак па вулiцах, збіраюцца групкамі па хатах.

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian