Каталіцкія Скаўткі і Скаўты

Асеннік Мінскіх скаўтак

А мінскія скаўткі правялі свой асеннік.

5 лістапада, у такую амаль што зімовую раніцу, з Мінску ў напрамку Наваградка вырушылі на сустрэчу прыгодзе мінскія скаўткі. Дарэчы, было нас аж 17 асобаў. Разам з намі на асеннік прыехаў і святар – айцец Уладзімір. Фабула нашага выезда была звязана з месцам, да якога мы завіталі – былой сталіцы Вялікага княства Літоўскага.

Кожнае кап’ё загаддзя атрымала тытул аднаго з магнацкіх родаў Княства, таму на месца прыехалі ўжо не ваўчыцы, вавёркі і сойкі, а Сапегі, Хадкевічы і Чартарыйскія. Кожнае кап’ё мела заданне намаляваць сабе герб – гэтым і распачалася нашая гульня. Дзяўчаткі атрымалі план мястэчка, а шэфы пакінулі на вызначаныхкропках заданні. Гульня доўжылася аж да цемнага вечара, а перамагло ў гульні кап’ё Сойка. Вечарам усіх чакаў пір – шэфы разам са святаром падрыхтавалі смачныя каўбаскі.

Пасля першага цяжкага дня, вандравання па Наваградскіх пагорках, мы разам сабраліся каля Найсвяцейшага Сакраманта, разважалі пра жыццё і смерць сясцёр-назарэтанак, у чыім доме мы размясціліся падчас гэтага выезда. Апасля Адарацыі кожная дзяўчына ў цішы сэрца і наваколля накіравалася спаць.

Раніца, здаецца, прыйшла нечакана. Але хоць і з заспанымі вачыма, мы распачалі новы дзень. Нядзеля – дзень асаблівы. Мы завіталі ў парафіяльны касцёл, разам з парафіянамі маліліся на Святой Імшы. Аднавіўшы сілы духоўныя, мы распачалі гатаваць кулінарку. Кожнае кап’ё атрымала прадукты, з якіх мела прыгатавацьпа адной страве. Перамагло ў кулінарным конкурсе кап’ё ваверка. Дарэчы, дзяўчаткі ўпершыню ў сваім жыцці распалілі вогнішча!

Пасля кулінаркі мы разважалі над Божым Словам, а пасля кожнае кап’ё распавяло пра падсумаванне, якое яны зрабілі. Ну і, канечне, які ж скаўцкі выезд ды без “вогнішча”! Гэтым разам яго падрыхтавала кап’ё ваўчыца, якое, дарэчы, атрымала стужку за экспрэсію. Каго толькі не прадстаўлялі дзяўчаткі! І крыжкоў, і князёў, нават, дух князя Вітаўта завітаў да нас. Мы бавіліся і танчылі, спявалі і гулялі. Пасля вогнішча ўсе пайшлі спаць. Але не прайшло і гадзіны, як па калідорах кляштара праляцей кліч СОС. Дзяўчат чакала наступная частка прыгоды – начная гульня. Але ўсе даволі хутка скончылася і ўсе, на гэты раз, да самага ранку, пайшлі спаць, трымаючы ў руках салодкі падарунак.

Ранкам панядзелка сёстра Ганна правяла для нас “экскурсію”.Дзяўчаткі трапілі на месца пахавання сясцёр-мучанічак, адведалі аплаткарню, пачаставаліся аплаткамі, пазнаёміліся бліжэй з некаторымі цікавымі рэчамі.

Усе некалі сканчваецца, скончыўся і наш асеннік. Дзякуй вялікі ўсім, хто ўдзельнічаў, а асаблівая падзяка для айца Уладзіміра, сясцёр-назарэтанак, маей дапаможнай – Сашы.

Ганна Журко, звязовая

English French Lithuanian Polish Russian Ukrainian